• Rus
  • Ukr
Саґа пра Эйрыка Рудога / Інші мови / edda.in.ua
  • Тексти
  • Статті
  • Словники
  • Фан-арт
  • Головна
  • Інші мови
  • Саґа пра Эйрыка Рудога

Саґа пра Эйрыка Рудога

Уривок. Переклад - Ігар Кулікоў. Люб'язно надано самим автором.

 

Частка 1. Пра Аўд Мудрую й Вівіля

Олавам Белым звалі аднаго князя. Ён быў сынам князя Інґйальда, сына Хельґі, сына Олава, сына Ґудрёда, сына Хальвдана Белая Нага, князя уппландцаў.

Олав рушыў у паход на захад і захапіў Дублін у Ірляндыі, а таксама ўсё навакольле ды стаў там за князя. Ён ажаніўся з Аўд Мудраю[1], дачкою Кетыля Пласканосага, сына Бйёрна Кульша, знатнага чалавека з Нарвэґіі[2]. Іх сына звалі Торстэйн Руды.

Олав паў у бітве ў Ірляндыі, а Аўд і Торстэйн рушылі тады на Паўднёвыя астравы[3]. Там Торстэйн ажаніўся з Турыд, дачкою Эйвінда Ўсходніка, сястрою Хельґі Худога. У іх было шмат дзяцей.

Торстэйн стаў князем. Ён уклаў зьвяз зь ярлам Сіґурдам Магутным, сынам Эйстэйна Грома. Яны захапілі Катанэс і Паўднёвазем’е, Росс і Мэрэві ды больш за палову Шатляндыі. І стаў ён там за конунґа, але скоты здрадзілі яму, і ён паў у бітве.

Аўд была ў Катанэсе, калі даведалася пра Торстэйнаву гібель. Тады яна загадала пабудаваць таемна ў лесе карабель і, калі ён быў гатовы, вырушыла на Аркнейскія астравы. Там яна выдала замуж Ґро, дачку Торстэйна Рудога. Яна была маці Ґрэлады, зь якой ажаніўся ярл Торвінн, Калун чарапоў.

Пасьля таго Аўд выправілася ў Ісьляндыю[4]. У яе на караблі было дваццаць свабодных мужоў. Яна прыбыла ў Ісьляндыю ды правяла першую зіму ў Бйёрнавай прыстані ў свайго брата Бйёрна. Потым яна заняла ўсё Даліназем’е паміж ракою Сьняданнай і ракою Скачок-валаціцы. Сама ж Аўд пасялілася ў Лагчыне. Яна хадзіла маліцца на Крыж-груды, дзе была загадаўшы паставіць крыжы, бо была жанчынай хрышчонай і набожнай. Разам зь ёю прыбылі многія знатныя людзі, што былі ўзяты вікінґамі ў палон на захадзе ды зваліся рабамі.

Аднаго зь іх звалі Вівіль. Ён быў высокага роду і трапіў у палон на захадзе за морам. Ён зваўся рабом, пакуль Аўд не дала яму свабоду. Калі Аўд стала раздаваць зямлю пад сялібы свайму карабельнаму люду, ён спытаўся, чаму яна не дае яму зямлі, як і іншым. Аўд адказала, што гэта ня мае значэньня, яна сказала, што ён будзе ў чэсьці, дзе б ён ні быў. Яна дала яму Вівілеву даліну, і ён там атабарыўся. У яго была жонка, і ягоных сыноў звалі Торбйёрн і Торґейр. Яны вырасьлі ў свайго бацькі й падавалі вялікія надзеі.

 

Частка 2. Як Эйрык знайшоў Ґрэнляндыю

Жыў чалавек на ймя Торвальд. Быў ён сынам Асвальда, сына Ульва, сына Бычынага Торы. Ягонага ж сына звалі Эйрык Руды. Разам із сынам яны пакінулі Йадр ды рушылі ў Ісьляндыю – праз забойствы, што былі ўчынілі ў свары. Яны аселі на Рагавым узьбярэжжы ля Скалаў, дзе Торвальд і памёр.

Тады Эйрык ажаніўся з Тйодхільд, дачкою Йёрунда, сына Ульва, і Торбйёрґ Караблёвыя грудзі, што тады была замужам за Торбйёрнам з Каршаковае даліны. Эйрык тады пакінуў поўнач, выцерабіў сабе дзялянку ў Каршаковай даліне і стаў жыць у Эйрыкавым стане ля Азёрнага рога.

Аднаго дня Эйрыкавы рабы ўчынілі абвал на сядзібу Вальтйёва, што ў Вальтйёвавым стане. Эййёльв Дзярмо, ягоны сваяк, забіў тых рабоў ля Бегавога схілу, што вышэй за Азёрны рог. У адплату Эйрык забіў самога Эййёльва, а потым і Хравна Бітуна каля Дома гульбішчаў. Ґейрстэйн і Одд зь Пяскоў, Эййёльвавы сваякі, пачалі супраць Эйрыка цяжбу, і ён быў выгнаны з Каршаковае даліны.

Ён заняў Быльняговы й Бычыны астравы ды правёў першую зіму на Пашах, што на Паўднёвым востраве. Там ён пазычыў Торґесту дошак на лавы. Потым Эйрык пераехаў на Бычыны востраў і стаў жыць у Эйрыкавым стане. Пазьней ён запатрабаваў дошкі назад, але нічога не атрымаў. Тады ён рушыў на Шырокі хутар і забраў іх сам. Торґест пагнаўся за ім, і яны пабіліся недалёка ад хутара ля Скалаў. У баі загінула двое Торґеставых сыноў і яшчэ некалькі чалавек.

Пасьля таго і ў Эйрыка, і ў Торґеста было шмат людзей, гатовых да бою. Эйрыка падтрымліваў Стюр і Эййёльв са Сьвінога вострава, Торбйёрн, сын Вівіля, і сыны Торбранда зь Лебядзінае затокі, а Торґеста – сыны Торда Роўбы й Торґейр з даліны Гарачае ракі, а таксама Аслак з Доўгае даліны са сваім сынам Іллуґі.

На вечы Торавага мыса Эйрык і яго людзі былі абвешчаны па-за законам. Эйрык рыхтаваўся адплысьці з Эйрыкавай затокі, а Эййёльв тым часам схаваў яго ў Дымунавай затоцы, пакуль Торґест ды ягоныя людзі вышуквалі яго на астравох. Торбйёрн, Эййёльв і Стюрр правадзілі яго за астравы, і яны рассталіся вялікімі сябрамі. Эйрык запэўніў, што зробіць усё, што ў ягоных сілах, калі ім спатрэбіцца ягоная дапамога. Ён сказаў, што хоча знайсьці тую зямлю, якую бачыў Ґуннбйёрн, сын Ульва Вароны, калі яго аднесла на захад у мора і ён адкрыў Ґуннбйёрнавы скалы. Ён дадаў, што вернецца да сваіх сяброў, калі знойдзе тую зямлю.

Эйрык выйшаў у мора ля ледавіка Сьнежнае гары й прыйшоў да ледавіка Сіняя Кашуля. Адтуль ён паплыў на поўдзень, каб выясьніць, ці можна там пасяліцца.

Першую зіму ён правёў на Эйрыкавым востраве, што амаль пасярод Усходняе сялібы. Навесну ён рушыў у Эйрыкаву затоку, дзе й наважыў атабарыцца. Таго лета ён плаваў у бязьлюдныя землі на захадзе і шмат чаго папаназываў там. Другую зіму ён правёў на Эйрыкавых выспах ля Гары Разлукі, а на трэцюю рушыў на самую поўнач да Сьнежнае гары і ў Хравнаву затоку. Падумаўшы, што дасягнуў вяршыні Эйрыкавае затокі, ён павярнуў назад і правёў трэцюю зіму на Эйрыкавым востраве ў вусьці Эйрыкавае затокі.

На наступнае лета ён паехаў у Ісьляндыю ды зайшоў у Шырокую затоку. Зіму ён правёў ізь Інґольвам на Астраўным лежбішчы. Летам жа ён пабіўся з Торґестам і зазнаў паразы. Пасьля гэтага яны замірыліся.

Таго лета ён вырушыў, каб пасяліцца ў краіне, якую быў адкрыў. Ён назваў яе Ґрэнляндыяй[5], бо, казаў ён, людзям хутчэй захочацца ехаць у краіну з добраю назвай.

 

Частка 3. Торбйёрн, сын Вівіля, вырушае ў Ґрэнляндыю

Торґейр, сын Вівілеў, пабраўся з Арнораю, дачкою Эйнара з Узнорнага схілу, сына Сігмунда, сын Кетыля Чартапалоха, які быў узяўшы Чартапалохаву затоку.

Другую Эйнараву дачку звалі Халльвэйг. Зь ёю пабраўся Торбйёрн, сын Вівілеў, ды ўзяў заразом зямлю на Пячорных палёх, што на Ўзнорным схіле. Ён пераехаў туды жыць і стаў вялікім і паважаным чалавекам. Торбйёрн быў добрым гаспадаром і жыў заможна. Ягоную дачку звалі Ґудрыд. Яна была надзвычай прыгожаю жанчынай, выбітнай ува ўсім, што яна рабіла.

Ля Арлінае вяршыні жыў чалавек на ймя Орм. У яго была жонка, якую звалі Халльдыс. Орм быў добрым гаспадаром і вялікім сябрам Торбйёрна, і Ґудрыд доўга гадавалася ў яго.

Жыў адзін чалавек на ймя Торґейр. Ён жыў ля Торґейравае Гары. Ён быў вольнаадпушчаным і меў шмат скаціны. Ягонага сына звалі Эйнар. Ён быў прыгожым і добра выхаваным, але вельмі чапурыстым. Ён быў пасьпяховым купцом і ўвесь час плаваў з краіну ў краіну. Зіму ён праводзіў то ў Ісьляндыі, то ў Нарвэгіі.

Цяпер трэба расказаць, як аднае восені, калі Эйнар быў у Ісьляндыі, ён вырушыў з таварамі на продаж уздоўж пабярэжжа Сьнежнае гары. І вось прыплывае ён да Арлінае вяршыні. Орм прапаноўвае спыніцца ў яго, і Эйнар згаджаецца, бо яны былі сябрамі. Ягоны тавар занесьлі ў нейкі сьвіран. Там Эйнар адкрыў пакункі й стаў паказваць тавар Орму ды яго чаляднікам, сказаўшы выбіраць, што яму заманецца. Орм прыняў прапанову й сказаў, што Эйнар – добры маравік ды вялікі ўдачнік. І вось, пакуль яны былі занятыя таварам, перад дзьвярыма сьвірна прайшла жанчына.

Тады Эйнар спытаўся ў Орма, хто была тая прыгожая жанчына, што была прайшла перад дзьвярыма:

– Раней я тут яе ня бачыў.

Орм адказаў:

– Гэта Ґудрыд, мая гадаванка, дачка Торбйёрна з Узнорнага схілу.

Эйнар сказаў:

– Добрая нявестка. Хіба нехта ўжо да яе сватаўся?

Орм адказаў:

– Сватацца, вядома, сваталіся, але ня ўсё так проста. Яна, відаць, вельмі пераборлівая, дый бацька ейны таксама.

– Тым ня менш, – мовіў Эйнар, – якраз да яе я й наважыўся сватацца і хацеў бы, каб ты пагаварыў ад мяне з Торбйёрнам ды як сьлед пастараўся атрымаць яго згоду. А я адплачу табе найвернаю дружбаю. Торбйёрн мае зразумець, што гэты зьлюб ручыць нам абодвум, бо ён чалавек вельмі паважаны й сядзіба ў яго добрая, але я чуў, што грошай і скаціны ў яго ўсё паменела. А ў мяне ўдастатку і зямлі, і грошай, дый у бацькі майго таксама, таму Торбйёрну была б з таго вялікай выгода, каб гэты зьлюб адбыўся.

Орм адказвае:

– Я твой сябар, вядома, але мне ня надта карціць брацца за гэтую справу, бо Торбйёрн – чалавек горды й вельмі пыхлівы.

Эйнар кажа, што ўсё, чаго ён хоча, – гэта каб Орм паведаміў Торбйёрну прапанову, і той канец канцом згаджаецца. Эйнар жа вяртаецца дамоў на поўдзень.

Неўзабаве Торбйёрн справіў восеньскі пір, як у яго было заведзена, бо ён быў чалавек вялікі. Прыехаў туды й Орм з Арлінае вяршыні ды шмат іншых Торбйёрнавых сяброў.

Орм загаварыў з Торбйёрнам і сказаў, што нядаўна ў яго быў Эйнар з Торґейравай гары, дзяцюк, што падае вялікія надзеі. Тут Орм пачынае сватаць Эйнара й кажа, што гэты зьлюб будзе выгадны з многіх прычын:

– Ён стане табе ў вялікай прыгодзе, Торбйёрне, бо Эйнар – чалавек багаты.

Торбйёрн адказвае:

– Не чакаў я ад цябе, што ты прапануеш мне аддаць маю дачку за рабовіча! Табе, значыць, здаецца, што ў мяне паменела грошай, калі даеш мне такія парады. Ня жыць ёй больш у цябе, раз ты так нізка яе цэніш!

Тады Орм паехаў дамоў, і ўсе астатнія госьці таксама. Гудрыд жа засталася з бацькам і правяла зіму дома.

А ўвесну Торбйёрн зноўку склікаў сяброў. Прыехала многа людзей, і пір выйшаў знатны. Падчас вучты Торбйёрн папрасіў увагі й сказаў:

– Я жыву тут ужо вельмі даўно й заўжды быў у людзей у ласцы й павазе. Я сказаў бы, што мы добра ладзілі. Але цяпер я ў трывозе, бо грошай стала недалягаць, хоць дагэтуль злыднем ніколі не ўважаўся. Таму я лепш пераеду, чым страчу павагу, лепш я пакіну гэты край, чым абняслаўлю свой род. Я зьбіраюся прыняць прапанову Эйрыка Рудога, якую ён зрабіў мне, калі мы расставаліся ў Шырокай затоцы. Гэтым летам, калі ўсё будзе добра, я выпраўляюся ў Ґрэнляндыю.

Людзі былі зьбіты з тропу, бо Торбйёрна заўсёды любілі, але ўсе разумелі, што, раз ён гэтак сказаўшы, то адгаворваць яго не выпадае. Тады Торбйёрн раздаў гасьцём падарункі, пір скончыўся, і ўсе разьехаліся па дамоўках.

Торбйёрн жа прадаў зямлю й купіў сабе карабель, які стаяў у вусьці Лававай затокі. Да яго далучылася тры дзясяткі чалавек. Сярод іх быў Орм з Арлінай вяршыні са сваёю жонкаю ды іншыя Торбйёрнавы сябры, якія не хацелі зь ім расставацца.

Тады яны пакінулі прыстань і злавілі спадарожны вецер. Але потым надвор’е сапсавалася, і ўсё лета іх насіла туды-сюды. Потым іх апанавала хвароба, і палова людзей памерла, сярод іх і Орм са сваёю жонкаю Халльдыс. Мора ставала ўсё болей бурным, і людзям прыходзілася трываць вялікі холад і пакуты. Канец канцом, пад самую зіму, іх вынесла да Херйольвага мысу ў Ґрэнляндыі.

На мысе жыў чалавек на ймя Торкель. Ён быў добры гаспадар і годны чалавек. Ён прытуліў Торбйёрна й ягоных людзей на зіму і шчыра ім дапамагаў. Торбйёрн і ўсе ягоныя людзі былі вельмі рады.

 

Частка 4. Пра варажбітку Торбйёрг

У той час у Ґрэнляндыі быў вялікі голад. Тыя, што выправіліся на промыслы, вярнуліся з маленькаю здабычай, а некаторыя не вярнуліся зусім.

Была ў паселішчы адна жанчына на ймя Торбйёрг. Яна была варажбіткай, і яе называлі малою Вёльваю. Калісьці ў яе было дзевяць сясьцёр, таксама варажбітак, але ў жывых засталася толькі яна.

У Торбйёрг быў звычай хадзіць узімку на піры. Яе часта запрашалі да сябе, асабліва тыя, хто хацеў даведацца пра сваю долю або якім будзе год. А як Торкель быў найбуйнейшым гаспадаром, то ўважалі, што даведацца, калі ж скончыцца голад, павінен ён. І вось запрашае ён Торбйёрг да сябе дамоў ды прымае гасьцінна, як гэта заведзена, калі запрашаюць падобных жанчын. Ёй падрыхтавалі пачэснае сядзеньне, а на яго палажылі падушку, набітую за звычаем курыным пер’ем.

 Калі ўвечары яна прыйшла з чалавекам, пасланым ёй насустрач, на ёй быў сіні плашч, завязаны на шыі раменьчыкам і аблямаваны самацьветамі аж да прыполу. На шыі ў яе былі шкляныя пацеркі, а на галаве – баранковая шапка, падбітая белымі катамі. У руках яна трымала кій з булавешкаю, абабітаю мосяжай ды ўсаджанаю самацьветамі. Пояс у яе быў з губкі, а на поясе вісеў вялікі кашэль, у якім яна трымала свае кудмені, патрэбныя для варажбы. Яна была абутая ў калматыя боты зь цялячае скуры з доўгімі раменьчыкамі, якія мелі на канцы вялікія цыновыя спражкі. На руках у яе былі пальчаткі з катоў, белыя й калматыя ўнутры.

Калі яна ўвайшла, усе палічылі за свой абавязак пачціва яе прывітаць. Яна адказвала залежна ад таго, наколькі чалавек быў ёй прыемны. Торкель узяў яе за руку ды адвёў да сядзеньня, што ёй былі падрыхтавалі. Тады ён папрасіў яе аглядзець ягоную чэлядзь, статак і двор. Але яна аб усім прамаўчала.

Увечары паставілі сталы, і тут трэба асобна сказаць, што варажбітцы прыгатавалі. Ёй падалі кашу на казіным малацэ ды страву з сэрцаў усіх жывёлаў, якія там жылі. У яе была масянжовая лыжка й нож зь дзяржаньнем із маржовае косьці, сьцягнутым двума мядзянымі колцамі. Вастрыё ў яго было абламана.

І вось, калі сталы былі прыбраны, Торкель падыходзіць да Торбйёрг і пытаецца, ці спадабаўся ёй дом ды абыходжаньне людзей і калі яна раскажа яму тое, пра што ён быў пытаўся і пра што ўсім карціць даведацца. Яна кажа, што дасьць адказ толькі раніцаю, калі правядзе тут ноч.

На згоне наступнага дня ёй падрыхтавалі ўсё, што было патрэбна для варажэньня. Яна папрасіла прывесьці ёй жанчын, абазнаных у песьні, патрэбнай для варажэньня, якую называюць вардлок. Але такіх жанчын не знайшлося. Тады сталі шукаць у паселішчы, ці не вядае хто таго вардлоку.

І тут загаварыла Гудрыд:

– Я не вядзьмарка й не варажбітка, але, калі я была ў Ісьляндыі, мая прыймовая дачка Халльдыс, навучыла мяне песьні, якая называецца Вардлок.

Торбйёрг адказвае:

– Тады тваё знаньне будзе дарэчы.

Гудрыд жа мовіць:

– Ні ў водным з падобных абрадаў я не наважу ўдзельнічаць, бо я хрысьціянка.

Торбйёрг кажа:

– Магчыма, ты змагла б дапамагчы гэтым людзям і ня стала б ад таго горшаю, чым раней. Зрэшты, гэта справа Торкеля забясьпечыць усё, што мне трэба.

Торкель пачынае ўгаворваць Гудрыд, і яна згаджаецца зрабіць, як ён хоча. Тады жанчыны замкнулі кола вакол памосту, на якім сядзела Торбйёрг. Гудрыд жа засьпявала песьню ды так прыгожа й добра, што, здавалася, ніхто раней ня чуў, каб яе сьпявалі голасам прыгажэйшым, чым цяпер.

Варажбітка падзякавала ёй за песьню ды сказала:

– Многа духаў сабралося цяпер і з радасьцю слухала песьню – так добра ты сьпявала. А раней яны толькі хаваліся ад нас і зусім ня слухаліся. Цяпер мне ясна бачыцца шмат із таго, што раней было скрыта і ад мяне, і ад многіх іншых. І вось што я магу сказаць, Торкелю: голад пратрывае толькі да канца зімы, а ўвесну пачнуцца лепшыя часы. Хвароба, што прыгняла нас, адступіць хутчэй, чым можна было спадзявацца. А табе, Ґудрыд, я адразу аддзячу за тваю дапамогу, што ты нам зрабіла, бо я цяпер ясна бачу тваю долю. Ты станеш тут, у Ґрэнляндымі, да найпачэснага зьлюбу, але ён ня будзе доўгім, бо твая дарога ляжыць у Ісьляндыю, і там ад цябе пачнецца вялікі й выбітны род, і над тваім патомствам ярка зьзяцьме сьвятло. Будзь жа здарова й шчасьліва, дочка!

Тады людзі сталі падыходзіць да варажбіткі, і кожны пытаўся пра тое, пра што больш за ўсё хацеў бы даведацца. Яна адказвала ахвотна, і прадказаньні яе збыліся. Потым па яе прыйшлі з суседняга хутару, і яна пайшла туды. Тады паслалі па Торбйёрна, бо ён не захацеў заставацца дома, пакуль там займаліся падобнымі прымхамі.

Неўзабавае, чуць пачалася весна, надвор’е палепшылася, як і прадказвала Торбйёрг. Торбйёрн зьбірае свой карабель і рушыць да Стромага схілу. Эйрык сустракае яго з радасьцю й хваліць за тое, што ён вярнуўся. Тую зіму Торбйёрн са сваімі людзьмі прабавіў у яго. А вясною Эйрык даў Торбйёрну зямлю на Бярновым мысе. Там была пабудавана добрая сядзіба, і з таго часу Торбйёрн там і жыў.

 

Частка 5. Лэйв Лёсік знаходзіць Вінлянд

У Эйрыка была жонка на ймя Тйодхільд і ад яе два сыны. Аднаго звалі Торстэйн, а другога – Лэйв. Абодва былі шматабяцальнымі юнакамі. Торстэйн застаўся дома жыць з бацькам, і не было ў Ґрэнляндыі нікога, хто падаваў бы большыя надзеі, чымся ён. Лэйв жа адплыў у Нарвэгію й жыў у конунґа Олава, сына Трюґґві.

Улетку, калі Лэйв адплываў з Ґрэнляндыі, іх аднесла да Паўднёвых астравоў. Яны доўга не маглі злавіць спадарожны вецер і правялі на астравох амаль усё лета.

Там Лэйву спадабалася адна жанчына, якую звалі Торґунна. Яна была знатнага роду ды, як скеміў Лэйв, абазнаная ў варажбе.

І вось, калі Лэйв сабраўся ад'яжджаць, яна стала прасіцца зь ім. Лэйв спытаўся, ці ёсьць на тое воля ейных сваякоў. Яна сказала, што ёй усё адно.

Лэйв адказаў, што ня можа без дазволу зьвезьці такую знатную жанчыну з чужой краіны.

– Нас надта мала.

– Невядома, ці будзе для цябе так лепей, – сказала Торґунна.

– І ўсё ж я не пайду на гэта, – сказаў Лэйв.

– Тады я прылюдна кажу табе, – сказала Торґунна, — што я цяжарная й ты таму прычынай. Я адчуваю, што народзіцца хлопчык. І хоць табе няма да таго справы, я выгадую гэтага хлопчыка й пашлю да цябе ў Ґрэнляндыю, як толькі ён зможа паехаць зь іншымі мужчынамі. Але здаецца мне, ты будзеш так жа ня рады свайму сыну, як цяпер нашай разлуцы. Але я абавязкова прыеду ў Ґрэнляндыю, рана ці позна.

Лэйв падарыў ёй залаты персьцень, ґрэнляндзкі ваўняны плашч і пас із накладкамі з маржовых іклаў. Хлопчык – яго назвалі Торґіль – прыехаў-такі у Ґрэнляндыю, і Лэйв прызнаў яго за свайго сына. Некаторыя людзі кажуць, што сама гэты Торґіль прыяжджаў у Ісьляндыю ўлетку перад дзівосамі на Фродавым хутары. Потым гэты Торґіль жыў у Ґрэнляндыі, і да самае сьмерці было ў ім нешта вядзьмарскае.

Лэйв і яго людзі адплылі з Паўднёвых астравоў і ўвосень ужо былі ў Нарвэгіі. Лэйв адправіўся да людзей конунґа Олава, сына Трюґґві. Конунґ прыняў яго зь вялікаю пашанай ды ўважыў за вельмі прыстойнага чалавека.

Аднаго разу конунґ завёў з Лэйвам размову дый кажа:

– Ці не зьбіраесься ты летам у Ґрэнляндыю?

– Зьбяруся, – сказаў Лэйв, – калі на тое будзе ваша воля.

А конунґ адказвае:

– Думаю, гэта было б добра. Ты паедзеш з маім даручэньнем: правяшчаць там хрысьціянства.

Лэйв сказаў, што ён згодзен, але мяркуе, што нялёгка будзе выканаць такое даручэньне ў Ґрэнляндыі.

Конунґ жа кажа, што ня бачыць іншага чалавека, які б лепей падышоў для гэтае справы.

– З табою будзе твая ўдача.

– Толькі тады, – кажа Лэйв, – як са мною будзе й ваша.

Лэйв выйшаў у мора, як толькі сабраў карабель. Доўга насіла яго па моры, пакуль не натрапіў ён на землі, аб якіх і не падазраваў. Там расьлі палі самасеянай пшаніцы й  вінаградная лаза. Там былі дрэвы, што завуцца клёнамі. Яны ўзялі ўзоры ўсяго гэтага. Некаторыя дрэвы былі такія вялікія, што пайшлі на будоўлю дома.

Лэйв знайшоў людзей на астанках карабля й прытуліў на зіму ў сябе дома. Ён праявіў  вялікую шчодрасьць і людзкасьць тым, што дапамог ім ды ўвёў на той зямлі хрысьціянства. З таго часу яго сталі зваць Лэйв Лёсік.

Лэйв высадзіўся ў Эйрыкавай затоцы й адтуль рушыў дадому на Стромы схіл. Людзі прынялі яго з радасьцю. Ён адразу пачаў правяшчаць у краі хрысьціянства й агульную веру, апрылюдніў наказ конунґа Олава, сына Трюґґві, ды распавёў, якія знакамітыя ўчынкі ды вялікая слава зьвязаны з гэтаю верай.

Эйрык не сьпяшаўся пакідаць старую веру, але Тйодхільд згадзілася адразу й загадала паставіць царкву ў далечыні ад дамоў. Яе назвалі Тйодхільдзінаю царквой. У ёй малілася Тйодхільд і тыя людзі, што былі прынялі хрысьціянства, а такіх было шмат. Тйодхільд не захацела больш жыць з Эйрыкам, як прыняла хрысьціянства, і яму тое вельмі не падабалася.

Пайшло шмат размоваў пра тое, што варта было б адправіцца ў тую зямлю, што адкрыў быў Лэйв. Важаём быў Торстэйн, Эйрыкаў сын, чалавек абазнаны ды ўсімі паважаны. Прасілі паехаць і Эйрыка, бо людзі дужа верылі ў яго ўдачу й празорлівасьць. Ён доўга быў супраць, але не сказаў не, калі яго сталі прасіць сябры. Быў сабраны карабель, на якім перад тым прыплыў Торбйёрн. Усяго наважыла ехаць дваццаць чалавек. Яны ўзялі мала жывёлы, але шмат зброі й харчоў.

Тае раніцы, як Эйрык вырушыў з дому, ён узяў з сабою скарбец з золатам і срэбрам. Схаваўшы яго, ён паехаў далей, і сталася так, што ён упаў з каня і зламаў некалькі рэбраў ды пашкодзіў плячо. Тады ён паслаў жонцы вестку, каб яна прывезла назад грошы, і што гэта яму пакара за тое, што ён іх схаваў.

Пазьней яны адплылі з Эйрыкавай затокі ў добрым настроі. Ім здавалася, што зацея іх удасца. Але іх доўга насіла ў моры, і яны так і ня трапілі, куды хацелі. Яны прайшлі ў блізіні Ісьляндыі й бачылі птушак зь берагоў Ірляндыі. Потым іх карабель зноў кідала ў моры, пакуль увосень яны не вярнуліся назад, суздром зьнясіленыя нягодаю й дарогай, і на пачатку зіму ўвайшлі ў Эйрыкаву затоку.

Тады Эйрык кажа:

– Весялейшыя вы былі ўлетку, калі адплывалі з затокі, чым цяпер. Але ж добра, што хоць вярнуліся.

Торстэйн адказвае:

– Абавязак галавы цяпер дапамагчы ўсім гэтым людзям, што засталіся бяздомнымі, й даць ім харчоў на зіму.

Эйрык кажа:

– Праўду кажуць, што ня ведаеш, пакуль не атрымаеш адказу. Зраблю, як ты раіш.

І тады ўсе, хто ня меў прытулку, паехалі на Стромы схіл да Эйрыка з сынам, дзе й правялі зіму. 

 

Частка 6. Пра Торстэйна, сына Эйрыка

Цяпер трэба расказаць пра тое, як Торстэйн, сын Эйрыка, пасватаўся да Ґудрыд, дачкі Торбйёрна. І Ґудрыд, і ейны бацька добры прынялі гэта сватаўство. Хутка аб усім было дамоўлена. Торстэйн ажаніўся з Ґудрыд. Вясельле справілі ўвосень на Стромым схіле. Пір атрымаўся знатны, і гасьцей было вельмі шмат.

У Торстэйна быў хутар у Заходнім паселішчы, што ля Зіхоткай затокі. Палова хутару належала чалавеку, якога звалі Торстэйн. Жонку ж ягоную звалі Сігрыд. Увосень Торстэйн із жонкаю паехаў у Зіхоткую затоку да свайго цёзкі. Там іх добра прынялі, і яны засталіся на зіму.

І так сталася, што напачатку зімы ў паселішча прыйшла хвароба. Быў там за назорца чалавек на ймя Ґардзі. Яго ня надта любілі. Ён захварэў першым і памёр. Неўзабаве людзі сталі хварэць і паміраць адзін за адным.

Тады захварэў Торстэйн і Сігрыд, жонка ягонага цёзкі. Аднаго вечара Сігрыд сабралася пайсьці ў сутачкі, што былі насупраць уваходных дзьвераў. Ґудрыд пайшла зь ёю. Калі яны павярнуліся да дзьвераў, Сігрыд ускрыкнула:

– О!

Ґудрыд сказала:

– Як неабачліва! Хадзем хутчэй назад, пакуль ты не замерзла.

Сігрыд адказвае:

– Не магу. Тут перад дзьвярыма натоўп мерцьвякоў. І я бачу сярод іх Торстэйна, твайго мужа, а таксама сябе. Які жах!

Але неўзабаве ўсё зьнікла, і яна сказала:

– А цяпер хадзем, Ґудрыд! Я больш іх ня бачу.

Зьнік і назорца, які, як ёй падалося, трымаў у руцэ бізун і зьбіраўся біць астатніх мерцьвякоў. Тады жанчыны вярнуліся ў дом.

Яшчэ да сьвітанку Сігрыд памерла, і для нябожчыцы падрыхтавалі дамавіну.

Таго самага дня людзі  сабраліся рыбачыць, і Торстэйн правадзіў іх да самае прыстані, а на сьвітанку прыйшоў паглядзець на іх улоў. Тады Торстэйн, сын Эйрыка, паслаў па свайго цёзку, просячы хутчэй вярнуцца, і перадаў, што дома творыцца нешта злавеснае: ягоная жонка пнецца ўстаць з дамавіны ды залезьці да яго ў пасьцель. Калі ён вярнуўся, яна ўжо была на краі ложка. Тады ён схапіў яе адной рукою, а другою ўсадзіў ёй сякеру ў грудзі.

Торстэйн, сын Эйрыка, памёр на сутоне. Торстэйн хутаранін параіў Ґудрыд пайсьці спаць і сказаў, што будзе човіць над нябожчыцаю ўсю ноч. Так яна і зрабіла.

Толькі пачалася ноч, як падняўся Торстэйн, сын Эйрыка, і сказаў, каб паклікалі Ґудрыд, бо ён хоча зь ёю пагаварыць:

– Бог хоча, каб гэта часіна была дадзена мне дзеля спаўненьня маёй задумы.

Тады Торстэйн хутаранін пайшоў да Ґудрыд і разбудзіў яе. Ён сказаў, каб яна перахрысьцілася ды прасіла ў Бога помачы:

– Торстэйн, сын Эйрыка, сказаў мне, што хоча цябе бачыць. Вырашай сама, што рабіць. Я не магу тут ні на чым настойваць.

Яна адказала:

– Магчыма, што дзякуючы гэтаму цуду адбудзецца нешта, што на доўга застанецца ў памяці людзей. Але я спадзяюся, што Бог мяне абароніць. З божаю ласкай я наважуся пагаварыць зь ім і даведаюся, што ён мае мне сказаць, бо мне ўсё адно ня ўнікнуць бяды, калі яна мне нарэчана. Менш за ўсё я хачу, каб ён прыходзіў з таго сьвету. І здаецца мне, што справа пільная.

І вось Ґудрыд пайшла да свайго мужа. Ёй падалося, што ён плача. Ён прашаптаў ёй на вушы колькі слоў так, каб пачула яна адна, а потым сказаў так, каб пачулі ўсе, што шчасныя тыя, хто стаіць за веру, і што зь ёй прыходзіць усякая памога ды ласка, але дадаў, што многія трымаюцца яе дрэнна.

– Ня добра гэта, што ў Ґрэнляндыі, з таго часу, як сюды прыйшло хрысьціянства, нябожчыкаў дагэтуль хаваюць у неасьвячоную зямлю ды амаль без адпяваньня. Я хачу, каб мяне ды іншых, што тут памерлі, аднесьлі ў царкву. А Ґардзі хай спаляць якнайхутчэй, бо гэта ён прычына ўсяго таго, што здарылася тут зь нябожчыкамі гэтай зімою. Таксама ён згадаў пра яе будучыню й сказаў, што яе чакае вялікая доля. Але перасьцярог, каб яна не выходзіла замуж за ґрэнляндца, і папрасіў, каб яна аддала іх грошы ў царкву, а частку раздала бедным. І тут ён памёр у другі раз.

У Ґрэнляндыі, з таго часу, як туды прыйшло хрысьціянства, пайшоў звычай хаваць нябожчыкаў у неасьвячонай зямлі на хутары, дзе яны жылі. У зямлю над грудзьмі памерлага заганялі слуп, а потым, калі прыходзіў сьвятар, слуп выцягвалі, у дзірку ад слупа ўлівалі сьвячоную ваду ды праводзілі адпяваньне, хоць гэта й магло быць значна пазьней пасьля пахаваньня.

Цела Торстэйна ды іншых адвезьлі ў царкву, што ў Эйрыкавай затоцы, і сьвятары правялі над імі адпяваньне.

Празь нейкі час памёр Торбйёрн, і Ґудрыд атрымала ў спадчыну ўсё яго майно. Эйрык узяў яе да сябе і добра за ёй прыглядаў.

 

Частка 7. Торвінн Здольнік жэніцца з Ґудрыд

Жыў чалавек, якога звалі Торвінн Здольнік. Ён быў сынам Торда Конская галава, які жыў на поўначы на Рабінавым мысе ў Паўабточнай затоцы, як яна цяперака завецца. Здольнік быў чалавек радавіты й вельмі багаты. Маці ягоную звалі Торунн. Ён шмат езьдзіў у гандлёвых справах ды слыў добрым купцом.

Аднаго лета Здольнік аснадзіў карабель ды сабраўся ў Ґрэнляндыю. Да яго далучыўся Снорры, Торбрандаў сын, зь Лебядзінае затокі. Усяго на караблі было сорак чалавек.

Бйарні, Ґрымольваў сын, чалавек з Шырокае затокі, і Торхалл, сын Ґамлі, з Усходніх заток сабралі ўласны карабель у Ґрэнляндыю таго ж лета. На іх караблі таксама было сорак чалавек.

Калі ўсё было гатова, абодва караблі выйшлі ў мора. Невядома, як доўга яны прабылі ў адкрытым моры, але кажуць, што ўвосень абодва караблі прыйшлі ў Эйрыкаву затоку.

Эйрык ды іншыя пасяленцы паехалі да карабля, і неўзабаве завязаўся жвавы гандаль. Купцы прапанавалі Эйрыку выбраць зь іх тавараў тое, што яму даспадобы, а ён адказаў ня меншай шчодрасьцю ды запрасіў людзей з абодвух караблёў да сябе дамоў, на Стромы схіл, на зімоўку. Купцы прынялі яго прапанову ды паехалі з Эйрыкам. Тады іх тавар перавезьлі да Эйрыка дамоў на Стромы схіл. Там было ўдосталь вялікіх клецяў, каб захаваць усе тавары. Купцы былі вельмі здаволены зімоўкаю ў Эйрыка.

Але калі надышло сьвята сярэдзіны зімы, Эйрык стал не такім вясёлым, як раней.

Аднойчы Здольнік завёў зь ім размову ды сказаў:

– Што цябе гняце, Эйрыку? Здаецца мне, ты стаў больш маўклівым, чым раней. Ты так шчыра нам дапамагаеш, што мы проста абавязаны аддзячыць табе, чым толькі зможам. Дык скажы, у чым прычына твайго суму?

– Вы добра прымаеце маю гасьціннасьць, як і належыць прыстойным людзям. І мне нават да галавы не прыходзіць, каб вы мелі ад таго якуюсь страту. Мяне хутчэй непакоіць, каб вы потым не казалі, што ніколі не праводзілі сьвята сярэдзіны зімы горш, чым тут, у Эйрыка Рудога на Стромым схіле ў Ґрэнляндыі.

– Таму не бываць, гаспадару, – кажа Здольнік. – У нас на караблёх ёсьць і солад, і мука, і збожжа. Бяры столькі, колькі захочаш, ды зладзь такі шчодры пір, які лічыш патрэбным.

Эйрык прыняў прапанову, і быў зладжаны пір, ды такі пышны, што людзі потым казалі, што наўрад ці бачылі большай раскошы.

А пасьля сьвята Здольнік папрасіў у Эйрыка рукі Ґудрыд, бо лічыў, што апекаваўся ёю, і яму палюбілася гэтая прыгожая й разумная жанчына. Эйрык адказаў, што ахвотна падтрымае яго сватаўство і што Ґудрыд заслугоўвае на добрага жаніха. 

– Відаць, збудзецца тое, што было ёй наканавана, калі яна выйдзей за цябе, – сказаў ён і дадаў, што чуў шмат добрага пра яго.

Тады Здольнік пасватаўся да Ґудрыд, і яна паслухалася Эйрыкавай парады. Карацей кажучы, Ґудрыд выйшла замуж, і сьвята сярэдзіны зімы плаўна перайшло ў вясельны пір.
Вялікая весялосьць была тае зімы на Стромым схіле. Людзі гралі ў таўлы, расказвалі саґі ды займаліся многім іншым, што робіць жыцьцё дома весялейшым.

 

Примітки:

[1] Глыбакамыснаю.

[2] Паўночны сьцег.

[3] Гебрыды.

[4] Лёдазем’е.

[5] Зялёнаю зямлёю.

Теги
Кулікоў
Поділитись

Теги

Guðrúnarkviða (1) Guðrún (1) Thorpe (5) Oda (2) Lingua Latina (2) Gudrún (8) English (6) Hollander (3) Bellows (4) Völva (71) Völuspá (71) Marmier (2) Allen (2) Smith (2) Symington (2) Henderson (6) Turner (2) Herbert (2) Heinzel (2) Detter (2) Hildebrand (2) Bugge (7) Ettmüller (4) Біленко-Шумахер (7) Кривоніс (1) Jónsson (3) Grater (2) Rask (2) Schultz (6) Wieselgren (4) Тихомиров (2) Корсун (2) Свириденко (1) Мелетинский (1) Сіґурд (1) Брюнгільд (1) Сіґрдріва (1) Bray (4) Morris (2) Vigfusson (4) Wilkinson (1) Anderson (2) Coomaraswarmy (1) Morley (1) Мережко (1) Куліш (1) Кононенко (1) Ewing (1) Troncoso (1) Стеблин-Каменский (1) Ґурєвіч (19) Кулікоў (1)

Flag Counter

Hosting Ukraine

Контакти

Зворотній зв'язок

Пошук по сайту